Бібліятэка БарДУ ў гэты дзень не засталася ў баку і правяла шэраг мерапрыемстваў для студэнтаў і гасцей універсітэта.

На абанеменце лінгвістычнага факультэта і факультэта педагогікі і псіхалогіі быў праведзены бібліяграфічны агляд выставы "Кнігі-юбіляры - 2023" для абітурыентаў. Бібліятэкар М.А. Савеня пазнаёміла школьнікаў з цікавымі фактамі пра кнігі беларускіх пісьменнікаў. У чытальнай зале новых паступленняў гасцей універсітэта чакала займальная экскурсія ў Музей беларускай кнігі з бібліятэкарам Т.В. Шчэрба. У цэнтральнай чытальнай зале быў аформлены адкрыты прагляд літаратуры. Больш за 50 кніг па беларускім мовазнаўстве і літаратуразнаўстве чакаюць сваіх чытачоў да канца лютага ў адкрытым доступе.

Чытальная зала для навуковай працы ператварылася на час у кіназалу. На працягу дня ў рамках праекта "Каротка аб важным" тут дэманстраваліся створаныя анімацыйнай кінастудыяй "Беларусьфільм" мультфільмы на беларускай мове. Удзячнымі гледачамі сталі выкладчыкі і студэнты факультэта эканомікі і права і факультэта педагогікі і псіхалогіі. Для будучых спецыялістаў дашкольнай адукацыі з Беларусі і Узбекістана, а таксама для будучых эканамістаў бібліятэкар А.Р. Сінкевіч правяла экскурсію па сайце айчыннай кінастудыі "Беларусьфільм", расказала аб тэхніках стварэння і нацыянальных асаблівасцях беларускай мультыплікацыі. Студэнтка 4 курса групы ДА-41 Ксенія Маціеўская прадставіла сваё навуковае даследаванне на тэму «Перавагі дзяцей рознага ўзросту ў мультыплікацыі», а загадчык кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі Н.Р. Дубешка падзялілася вопытам стварэння мультыплікацыйнай студыі для дашкольнікаў у рамках праекта "Універсітэт для дзяцей". Студэнты выпускнога курса спецыяльнасці "Дашкольная адукацыя" з Узбекістана ўзгадалі сваю нацыянальную анімацыю, усе дружна паглядзелі і абмеркавалі ўзбекскія і беларускія мультфільмы.

Міжнародны дзень роднай мовы – адно з важных святаў, якія садзейнічаюць павазе моўных і культурных традыцый на аснове ўзаемаразумення, цярпімасці і дыялогу.